У судзе па "справе Коржыча" абвешчаны перапынак да 8 кастрычніка

Фота з сацыяльных сетак
Фота з сацыяльных сетак

У судзе па рэзананснай "справе Коржыча" абвешчаны перапынак аж на 20 дзён — да 8 кастрычніка. Хадайніцтва аб гэтым падаў пракурор Юрый Шарстнёў.

8 кастрычніка споўніцца два месяцы з дня пачатку працэсу. Суд вывучае абставіны смерці радавога Аляксандра Коржыча, 3 кастрычніка. 2017 года знойдзенага ў пятлі на тэрыторыі 72-га вучэбнага цэнтра ў Печах.

Следства прыйшло да высновы, што трое сяржантаў, Антон Вяжэвіч, Ягор Бараноўскі і Яўген Скуратовіч, давялі Коржыча да самагубства. Часткова гэтая выснова заснаваная на паказаннях, якія сяржанты давалі ў КДБ у першыя дні пасля затрымання. Аднак падчас судовага пасяджэння абвінавачаныя заявілі, што падвяргаліся фізічнаму гвалту і псіхалагічнаму ціску з боку супрацоўнікаў камітэта.

18 верасня Вяжэвіч і Скуратовіч адмовіліся пісаць заявы на дзеянні праваахоўнікаў, а Бараноўскі сышоў ад адказу на пытанне аб гэтым, сказаўшы, што яму трэба параіцца з адвакатам. Пракурор заявіў, што праверкай фактаў, агучаных сяржантамі, зоймецца Следчы камітэт. На гэта спатрэбіцца 10 дзён.

Акрамя таго, абвінавачаныя сяржанты праходзяць у якасці пацярпелых у працэсе супраць прапаршчыка Артура Вірбала і старэйшага лейтэнанта Паўла Сукавенкі, якіх абвінавачваюць у злоўжыванні ўладай (часткі 1 і 2 артыкула 455 КК РБ). Разглядаць іх крымінальную справу пачнуць 1 кастрычніка.

Суддзя Алег Лапека падтрымаў хадайніцтва Шарстнёва і абвясціў перапынак у судовым пасяджэнні па "справе Коржыча" да 8 кастрычніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі