У Шумілінскім раёне праз гібель жанчыны судзілі чыноўніка

Будынак Шумілінскага райспажыўтаварыства/ vkurier.by

Будынак Шумілінскага райспажыўтаварыства/ vkurier.by

Тры гады "хіміі" прызначыў суд кіраўніку спраў Шумілінскага райвыканкама Сяргею Белагалову, піша рэсурс "Віцебск, я гуляю". Яго судзілі за службовую халатнасць, якая пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека (ч. 2 арт. 428 КК РБ). Падставай для гэтай крымінальнай справы стала гібель жанчыны. Яна ўпала ў тэхнічную адтуліну будынка, які пуставаў пасля ліквідацыі мясцовага райспажыўтаварыства. Будынак знаходзіўся на балансе выканкама.

Інцыдэнт здарыўся яшчэ напярэдадні Новага года. Жанчына ўпала ў падвал і не змагла выбрацца. Падвал пры гэтым быў часткова затоплены ледзяной вадой. Пазней судмедэксперты дыягнаставалі ў яе пераломы 4 рэбраў і множныя драпіны. Жанчына памерла.

Як высветліла следства, у будынак можна было лёгка пранікнуць. А тэхнічная адтуліна была проста накрытая бляхай. Па рашэнні суда Белагалоў не зможа бліжэйшыя 3 гады займаць кіруючыя пасады, а райвыканкам павінен будзе выплаціць дачцэ загінулай кампенсацыю маральнай шкоды ў 40 тысяч рублёў.

У пачатку чэрвеня блогер Вольга Павук спрабавала абмеркаваць з Белагаловам праблемы гаспадарак раёна. Падставай стала банкруцтва аднаго з калгасаў. Чыноўнік распавёў, што Шумілінскі раён датуецца на 58%, сродкі атрымлівае "з рэспубліканскага і абласнога бюджэту", што "ёсць раёны, якія зарабляюць і на сябе, і на суседа". Адбыўся і такі дыялог:

— Дык што рабіла ўлада ўсе гэтыя гады ў Шумілінскім раёне?
— Паменшылі датацыю з 70 да 58%.
— І з якога года было 70?
— Хіба што з моманту ўтварэння раёна, з 1932 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі