У Расіі на вайну з Украінай плануюць прызваць 300 тысяч рэзервістаў

Мабілізацыя ў Расіі пачынаецца з сённяшняга дня / theins.info

На вайну з Украінай у Расіі плануюць прызваць 300 тысяч рэзервістаў, заявіў расійскі міністр абароны Сяргей Шайгу. Па яго словах, "праца будзе весціся планава, іх не прызавуць аднаразова".

Аб аб'яўленні частковай мабілізацыі раней у сераду абвясціў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Указ ужо апублікаваны.

Шайгу падкрэсліў, што прызываць будуць з запасу — "гэта не нейкія людзі, якія нічога не чулі пра войска", гэта тыя, хто адслужыў, мае вайскова-уліковую спецыяльнасць. Студэнтаў прызываць не будуць. Мяркуецца, што салдаты тэрміновай службы таксама па-ранейшаму будуць праходзіць службу на тэрыторыі Расіі.

Расійскі міністр таксама сказаў, што ў РФ велізарны мабілізацыйны рэсурс, і што частковая мабілізацыя закране 1% ці крыху больш ад агульнага рэсурсу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.