У Расіі масава гандлююць самагоннымі апаратамі “Беларусь-Люкс”

— “Белметалпрыбор?”

— Так.

— Галя, ты нешта чула пра Белметалпрыбор? Завод такі. Не чула.

— То бок гэта не ваша даччынае прадпрыемства? Яно не мае дачынення да завода “Этон”?

— Малады чалавек, у нас няма ў Беларусі даччыных прадпрыемстваў. Я першы раз пра гэты “Белметалпрыбор” чую.

На тым канцы кладуць трубку, а я застаюся перад маніторам з адчыненым сайтам belmetalpribor.by. Ён расказвае пра аднайменны завод у Новалукомлі, частку прадпрыемства “Этон”. “Прадпрыемства ў вялікім асартыменце вырабляе запчасткі да станкоў, сельскагаспадарчай тэхнікі, прамысловага абсталявання, тавараў народнага спажывання (калонкі, воданагравальнікі, дыстылятары і іншыя тавары)”, — гаворыцца пра “Белметалпрыбор” на сайце. Цікавяць мяне перадусім дыстылятары. Альбо, калі па-народнаму, самагонныя апараты. Бо спасылку на сайт “Белметалпрыбора” я знаходжу на іншым сайце, belarus-pro.ru, які напоўніцу гандлюе “прафесійнымі дыстылятарамі” маркі… “Беларусь-люкс”. Абяцаюць дастаўку па ўсёй Расіі, спіртометр і кніга рэцэптаў у падарунак. “У камплектацыю ўваходзіць перагонны куб (аб'ёмам 14 або 20 літраў) са здымным вечкам, сіліконавыя пракладкі, біметалічны тэрмометр, харчовыя шлангі (2 шланга па 2 метра), разборны сухапарнік, спіртометр, кніга рэцэптаў. Па навагодняй акцыі мы таксама БЯСПЛАТНА дададзім да гэтага камплекта гідразатвор і дывертар”, — пераконвае расійскі сайт.

Спасылку на старонку belmetalpribor.by можна знайсці толькі на расійскім сайце з “дыстылятарамі”. Тэлефонныя нумары беларускага завода, указаныя на ім, не адказваюць. Пазней высвятляю, што яны несапраўдныя — у Новалукомля іншы тэлефонны код. Адзіным выхадам на “Белметалпрыбор” застаецца указаная на тым самым падазроным сайце сувязь з новалукомльскім заводам “Этон”. Але ў аддзеле маркетынгу “Этона”, як бачна з гутаркі на пачатку гэтага артыкула, пра існаванне “Белметалпрыбора” даведваюцца ад мяне.

Набыць прафесійны дыстылятар з магчымасцю самагонаварэння можна і ў Мінску. Прывязуць з бясплатнай дастаўкай, кошт — тры мільёны. У дадатак падарунак з тым самым спіртометрам і кнігай рэцэптаў. Патрэбны тэлефон знаходжу у інтэрнэце за тры хвіліны:

“Вытворчасць завадская, Чалябінск. Расійскія, нармальныя апараты. Вядома, ім можна давяраць. Год гарантыі. Ніякага падману, ніякага падвоху. Усё законна і нармальна. Каб нельга было купіць, то нельга было б і прадаваць, праўда? Усё ў нас можна набываць. Тым больш, што ён ідзе не як самагонны апарат, а як дыстылятар”, — расказвае мне малады мужчынскі голас.

На ўсе пытанні аб законнасці гандлю дыстылятарамі і прыгатаванні з іх дапамогай самагонкі гандляр адказвае неахвотна і недакладна. Але мяркуе, што “для сябе можна”:

“У прынцыпе, гэта не забаронена. Ці можна дома варыць… Ну, я не ведаю. Але ў падарунак у нас ідзе кніга рэцэптаў па самагонаварэнні. Напэўна, дома можна гнаць без праблем. Хіба, масава на продаж нельга, па 10 літраў”, — чую я.

І ажно пачынаю задумвацца, ці не прыкупіць агрэгат, калі ўсё так добра. Некалі мой дзед гнаў выдатны "бімбер", бацька дагэтуль расхвальвае. Мары абрушвае Адміністратыўны кодэкс РБ:

Арт. 12.43 КаАП РБ 194-З ад 2003.04.21 г.

1. Выраб фізічнымі асобамі моцных алкагольных напояў (самагону), паўфабрыкатаў для іх вырабу (брагі), а таксама захоўванне апаратаў, якія выкарыстоўваюцца для іх вырабу, цягнуць папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да пяці базавых велічынь з канфіскацыяй названых напояў, паўфабрыкатаў і апаратаў.

2. Тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні, альбо выраб або захоўванне фізічнымі асобамі моцных алкагольных напояў (самагону) больш за пяць літраў, паўфабрыкатаў для іх вырабу (брагі) больш за трыццаць літраў — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад пяці да трыццаці базавых велічынь з канфіскацыяй названых напояў, паўфабрыкатаў і апаратаў.

Дарэчы, згодна з беларускімі законамі, самагонам лічыцца напой, мацнейшы за 28 градусаў. А штраф да пяці базавых можна атрымаць не толькі за выраб, але нават за набыццё сівухі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі