Ператрус праходзіць на лецішчы Ціханоўскіх

На сямейным лецішчы Ціханоўскіх пад Гомелем адбываецца ператрус. Пра гэта парталу TUT.by паведаміла прэтэндэнтка на прэзідэнцкую пасаду Святлана Ціханоўская.

Па яе словах, на гэтае лецішча часта прыязджаў адпачываць яе муж і кіраўнік ініцыятыўнай групы — блогер Сяргей Ціханоўскі. Як вядома, яго затрымалі ў Гродне 29 траўня на выбарчым пікеце пасля правакацыі. У мітусні пацярпеў супрацоўнік МУС. Міліцыя пачала крымінальную справу. Разам з Ціханоўскім затрыманыя яшчэ каля дзясятка чалавек. 

Зранку 3 чэрвеня маці Ціханоўскага, якая цяпер знаходзіцца са Святланай у Мінску, затэлефанавалі следчыя і папрасілі прыехаць на лецішча — яно за 30 кіламетраў ад Гомеля. 

"Мама патлумачыла, што яна ў Менску. Яны сказалі, што калі не прыедзе, выдадуць пастанову на ўзлом дзвярэй. Я ім сказала, каб прыехалі па яе, навошта ж ламаць дзверы. Па маму прыехала дзяўчына-следчы і кіроўца, забралі яе на лецішча. Там цяпер і праходзіць ператрус. У мамы сэрца хворае, нашы сябры прыехалі яе туды падтрымаць", — распавяла падрабязнасці Ціханоўская.

Падставы для ператрусу на лецішчы Ціханоўскіх невядомыя.

Паводле інфармацыі канала "Краіна для жыцця", на ператрус прыехалі восем аўтамабіляў.

Адвакат папярэдзіў, што ператрус, верагодна, пройдзе і дома ў Ціханоўскай. Пра гэта каардынатар ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Аляксандр Кабанаў паведаміў у каментары Радыё "Свабода".

Сам Сяргей Ціханоўскі сёння пераведзены ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.