Вы тут

У прафсаюзе РЭП прайшоў ператрус, затрыманы кіраўнік Генадзь Фядыніч

Фота Фядыніча з архіву Еўрарадыё

Зранку 2 жніўня ў офісе незалежнага прафсаюза РЭП адбыўся ператрус, піша nn.by. Яго правёў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Паводле папярэдняй інфармацыі, кіраўнікоў прафсаюза вінавацяць у нявыплаце падаткаў. 

Прававы інспектар прафсаюза Юрый Белякоў распавёў журналістам, што праверка з фінансавай разведкі прыйшла каля 9-й гадзіны раніцы, іх было прыкладна 10 чалавек. "Паказалі пастанову пракурора аб тым, што расследуецца справа аб ухіленні ад выплаты падаткаў. Гэта справа ў дачыненні да нашых лідараў Аляксея Комліка і Генадзя Фядыніча. Сутнасць яе такая ж, як і была ў справе Бяляцкага", — кажа Белякоў.

Ператрус цягнуўся каля шасці гадзін. Супрацоўнікі ДФР забралі фінансавыя дакументы, некалькі камп’ютараў, з іншых камп’ютараў забралі жорсткія дыскі. 

Белякоў кажа, што прапаноўваў сілавікам аддаць фінансавыя дакументы адразу, каб не грамілі офіс. Але тыя нібыта сказалі, што будуць шукаць наркотыкі і зброю. Сілавікі нават зламалі дзверы ў кабінет Комліка, бо не было ключа ад іх.