Вы тут

У Польшчы затрымалі беларуса, які дапамагаў мігрантам пераходзіць мяжу

На польска-беларускай мяжы / twitter.com/Straz_Graniczna

Польскія памежнікі за апошнія суткі спынілі на мяжы з Беларуссю 233 мігрантаў (напярэдадні — 170) і развярнулі іх назад. Затрыманыя 8 мігрантаў (у папярэднія суткі — 19): з Конга, Ірана і Сірыі.

За дапамогу ў незаконным перасячэнні мяжы ў Польшчы затрыманы беларус, а таксама грамадзяне Румыніі і Шры-Ланкі. У папярэднія суткі былі схоплены чацвёра памагатых.

Днямі пра тое, што міграцыйны крызіс на ўсходняй мяжы ЕС (у тым ліку на мяжы Польшчы) стварылі ўлады Беларусі, з трыбуны Генасамблеі ААН гаварыў польскі прэзідэнт Анджэй Дуда. Мяркуецца, што адказам Захаду могуць стаць новыя санкцыі супраць афіцыйнага Мінска.

Літоўскія памежнікі за дзень не ўпусцілі ў сваю краіну 24 мігрантаў, а латвійскія — 20. Як паведамляе Delfi, 27-гадовы камерунец спрабаваў легальна перайсці беларуска-літоўскую мяжу і прыйшоў у адзін з кантрольна-прапускных пунктаў. У яго быў пашпарт і від на жыхарства ў Люксембургу, які падаўся літоўцам падазроным, і мужчыну развярнулі ў бок Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.