У пасёлку Плешчаніцы ўначы 24 студзеня загарэўся "Опель", які належаў начальніку Лагойскай раённай ДАІ. Праваахоўнікі выявілі, што машыну падпалілі, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Па падазрэнні ў злачынстве міліцыянты затрымалі 30-гадовага жыхара Лагойскага раёна. Ён сказаў, што знарок падпаліў аўтамабіль. Мужчына вырашыў адпомсціць начальніку ДАІ за тое, што той пазбавіў яго правоў кіроўцы на 5 гадоў. Прычынай такога суровага пакарання стала кіраванне ў нецвярозым выглядзе. Як паведамляла Еўрарадыё, гэта адбылося прыкладна за месяц да здарэння.
Самое злачынства, па версіі следчых выглядала так: "Выпіў, узяў каністру і набыў на запраўцы некалькі літраў паліва. Ужо на месцы абліў машыну "крыўдзіцеля" і падпаліў. Усе абставіны здарэння пацвярджаюцца паказаннямі сведкаў".
Следчыя дапыталі падазраванага, пацярпелага і сведкаў. З удзелам затрыманага правялі праверку паказанняў на месцы.
На мужчыну пачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 (наўмыснае пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам) Крымінальнага кодэкса. Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Паведамляецца, што раней фігурант неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай адказнасці.
