У Плешчаніцах уначы спалілі аўтамабіль начальніка ДАІ Лагойскага РАУС, піша @logoysk_official. Здарэнне адбылося яшчэ 24 студзеня, але пра яго стала вядома толькі цяпер. Падазраванага, мясцовага жыхара, аператыўна затрымалі і ён ва ўсім прызнаўся. За "наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці агульнанебяспечным спосабам і прычыненне значнай шкоды" яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Падпальшчыка змясцілі пад варту.
Мужчына распавёў, што прычынай падпалу стала пазбаўленне яго правоў кіроўцы на 5 гадоў і вялікі штраф — 6400 рублёў. Здарылася гэта прыкладна за месяц да здарэння. Яго пакаралі за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення.