У Парыжы асудзілі жанчыну, якая катавала былога каханка

Жыхарку Парыжа Закію Медкур асудзілі на паўтара года турмы за тое, што яна цягам года трымала ў няволі і катавала свайго былога каханка.

43-гадовая Медкур пазнаёмілася з 37-гадовым Максімам Гажэ ў 2007 годзе праз інтэрнэт, а праз некалькі месяцаў ён засяліўся ў аднапакаёвую кватэру жанчыны, у якой яна жыла з двума дзецьмі. Неўзабаве ён застаўся без працы, а сужыцелька адабрала ў яго крэдытную картку і пасведчанне асобы.
 
Паводле паказанняў абвінавачання, з Гажэ жорстка абыходзіліся: прымушалі яго глытаць губкі і запіваць іх вадкасцю для мыцця вокнаў, гасілі аб яго скуру цыгарэты і прыкладвалі да яе раскалены нож. Мужчына спаў ля ўваходных дзвярэй і яму забаранялася карыстацца прыбіральняй. Закія Медкур пагражала каханку, што калі той паскардзіцца, то яна заявіць, што ён педафіл.

Максім Гажэ быў вызвалены пасля ўмяшання яго бацькоў, а таксама брата сужыцелькі. Пасля вызвалення мужчына трапіў у лякарню, дзе яму зрабілі восем аперацыяў. Таксама ён напісаў кнігу “Мой партнёр і кат”, у якой распавёў пра сваё жыццё.

У выніку Медкур асудзілі на 18 месяцаў турмы, яшчэ на 18 месяцаў умоўна і абавязалі яе выплаціць 200 еўра штрафа, паведамляе ВВС. У судзе жанчына прынесла прабачэнні Гажэ і сказала, што яна не бессардэчная.

Французскія праваабаронцы сведчаць, што бытавы гвалт у дачыненні жанчын сустракаецца ўтрая часцей, аднак кожны год у Францыі да 7,5 тысяч мужчын звяртаюцца са скаргамі у суд на жорскае абыходжанне.

Кожныя тры дні ад бытавога гвалту ў Францыі гіне адна жанчына. Адзін мужчына гіне кожныя 13 дзён.

Фота з архіву

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі