Вы тут

У панядзелак у Мінску будуць судзіць рэаніматолага-анэстэзіёлага БХМД

Багдан Шыльнікоўскі / здымак са старонкі ў фэйсбуку

У Мінску затрыманы рэаніматолаг-анэстэзіёлаг БХМД Багдан Шыльнікоўскі. Гэта адбылося ў пятніцу ўвечары прама ў РУУС, куды доктара выклікалі для складання пратакола па артыкуле 23.34 — нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Першы раз Багдан патрапіў у ізалятар на Акрэсціна 12-га жніўня пасля акцыі медыкаў супраць гвалту ля медуніверсітэту. Шыльнікоўскага схапілі і збілі людзі ў цывільным па заканчэнні мітынгу побач на паркоўцы і абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства. З Акрэсціна Багдан трапіў у рэанімацыю БХМД — у ізалятары яму не давалі інсулін цягам 12-ці гадзін, а Багдан — дыябетык. Цяпер сілавікі, відаць, вырашылі давесці справу да канца.

“Меркавана, у панядзелак суд. Адвакат сказаў, што Багдана пакінулі за кратамі – гэта як гарантыя, што ён не схаваецца, не сыйдзе ад рашэння суда, — кажа ў размове з Еўрарадыё сябра Багдана Сяргей. — З лекамі ўсё ў парадку. Учора яму завезлі перадачу на Акрэсціна, усё аддалі. Сілавікі там у курсе”.

Па словах Сяргея, справа доктара будзе разглядацца хутчэй за ўсё судом Маскоўскага раёна Мінска. У які час — невядома. Сяргей кажа, што пасля 12-га жніўня Багдан не браў удзел ні ў якіх масавых мерапрыемствах:

“Ён нікуды не хадзіў, гэта дакладна. Казаў, што нікуды пойдзе, бо для яго гэта небяспечна”.

Еўрарадыё працягне сачыць за сітуацыяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.