У офіс гандлёвай сеткі ОМА прыйшлі сілавікі
![Магазін гандлёвай сеткі ОМА / m.realt.by](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/oma_7_06.jpg.webp?itok=08r9iW5i)
Магазін гандлёвай сеткі ОМА / m.realt.by
У офісе гандлёвай сеткі ОМА праходзіць ператрус — пад будынкам стаяць чорныя бусы, паведамляе беларускі партал навінаў са спасылкай на супрацоўнікаў кампаніі. Адзін з іх расказаў медыя, што калегі, якія ў гэты час павінны знаходзіцца ў будынку, не выходзяць на сувязь. На званкі адказваюць толькі тыя, што засталіся дома. Гэтая жа крыніца расказала і пра мікрааўтобусы без дзяржнумароў перад офісам кампаніі.
"На паркоўцы — супрацоўнікі ў экіпіроўцы. У аднаго я бачыў вялікімі літарамі на плячы надпіс "КДБ", — паведаміла крыніца. Паводле яе слоў, ОМА арандуе васьміпавярховы будынак цалкам.
Раней буйны акцыянер ОМА — фінска-літоўская кампанія Kesko Senukai — заявіў пра прыпыненне дзейнасці ў Беларусі. Таксама быў агучаны намер выйсці са складу акцыянераў беларускай гандлёвай сеткі. Здзелку планавалі завяршыць у кароткія тэрміны, але даты не называліся. Кампанія таксама прыпыніла закупкі расійскіх і беларускіх тавараў. Такое рашэнне ў Kesko Senukai патлумачылі вайной ва Украіне. У траўні літоўскі партал LRT пісаў, што Kesko Senukai меркавана належыць каля 50% беларускай гандлёвай сеткі ОМА.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.