Вы тут

У Мінску зладзілі DJ-сэт на фоне ваеннай тэхнікі

Арт-дырэктар "Корпуса" Аляксандр Багданаў​

Культурны цэнтр "Корпус" зладзіў у Мінску DJ-сэт на фоне ваеннай тэхнікі. Установа размяшчаецца на праспекце Машэрава, па якому 9 траўня рухалася калона на Парад Перамогі.

Відэа сэта, які сыграў арт-дырэктар "Корпуса" Аляксандр Багданаў, з'явілася ў YouTube. Свой перформанс культурны цэнтр назваў "Деньпобедыабсурда".

"На наш погляд, давядзенне абсурду вакол падзей да мяжы і смех страху ў твар — адзіная магчымая рэакцыя на танкі ў горадзе, у адзінай краіне, якая пакінула ваенны парад і якая паставіла яго ў прыярытэт у такі няпросты час. Гэтым відэа мы не хочам нікога абразіць і закрануць, а таксама здзеквацца над памяццю аб перамозе 9 траўня 1945 года. Нагадваем: танкі, гарматы, курэнне, а таксама невыкананне самаізаляцыі і ігнараванне сацыяльнага дыстанцыявання могуць нашкодзіць вашаму здароўю", — напісаў "Корпус" у сваіх сацсетках.

9 траўня, нягледзячы на рост колькасці выпадкаў COVID-19 у Беларусі, у Мінску прайшоў маштабны парад, праходзяць і іншыя масавыя мерапрыемствы ў гонар 75-годдзя Перамогі. У парадзе ўзялі ўдзел 3000 вайскоўцаў, 185 адзінак тэхнікі, 42 паветраных судны. Трыбуны разлічаны на 11 тысяч гледачоў. Нягледзячы на тое, што Аляксандр Лукашэнка загадаў нікога "не заганяць" на мерапрыемства, многія студэнты распавялі пра "бонусы", якія ім прапануюць за ўдзел у парадзе. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.