У Мінску вызначылі пляцоўкі для агітацыі перад мясцовымі выбарамі

У Мінску вызначылі пляцоўкі для агітацыі перад мясцовымі выбарамі

У Мінску вызначаныя месцы для перадвыбарчай агітацыі пры правядзенні выбараў у Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў 28-га склікання. Адпаведнае рашэнне №21 ад 4 студзеня прыняў Мінгарвыканкам, паведамляе БЕЛТА. Пляцоўкамі для агітацыі могуць стаць любыя прыдатныя для гэтага месцы, у тым ліку падземныя пешаходныя пераходы. Збіраць пікеты, праводзіць сходы і выстаўляць стэнды кандыдаты і іх давераныя асобы могуць у паведамляльным парадку.

Выключэнне складаюць тэрыторыі аб'ектаў метрапалітэна, чыгуначнага і паветранага транспарту, мастоў і пуцеправодаў, праезнай часткі аўтамабільных дарог, Кастрычніцкай плошчы, плошчы Незалежнасці, плошчы Перамогі, плошчы Дзяржаўнага сцяга, Прывакзальнай плошчы, плошчы Якуба Коласа. Таксама гэта тычыцца тэрыторый, размешчаных на адлегласці менш за 200 м ад будынкаў рэзідэнцый Прэзідэнта, Нацыянальнага сходу, Савета Міністраў; размешчаных на адлегласці менш за 50 м ад будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, воінскіх частак, дзіцячых дашкольных устаноў. Масавыя мерапрыемствы, якія арганізуюцца кандыдатамі ў дэпутаты, іх даверанымі асобамі, могуць праводзiцца з 8 да 22 гадзіны.

Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва за кошт сродкаў, выдзеленых на бягучае ўтрыманне і дэкаратыўна-мастацкае афармленне Мінска, да 18 студзеня даручана забяспечыць ўстаноўку інфармацыйных стэндаў для размяшчэння на іх агітацыйных друкаваных матэрыялаў аб кандыдатах у дэпутаты.

Размяшчэнне агітацыйных матэрыялаў таксама дазволена на інфармацыйных стэндах жыллёва-эксплуатацыйных арганізацый (у тым ліку на інфармацыйных стэндах, размешчаных каля ўваходных груп пад'ездаў жылых дамоў), інтэрнатаў, устаноў аховы здароўя, кінатэатраў, аб'ектаў гандлёвай сеткі. Размяшчэнне інфармацыі на стэндах іншых арганізацый ажыццяўляецца з дазволу іх кіраўніка. Мясцовыя выбары прызначаныя на 18 лютага.

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі