Вы тут

У Мінску плануюць знесці, магчыма, самы цэнтральны прыватны сектар

Спалучэнне архітэктуры розных эпох і стыляў, якога неўзабаве можа не стаць

У цэнтры Мінска ізноў плануецца вялікая будоўля. Жылыя шматпавярховікі паўстануць на месцы катэджаў на вуліцы Беларускай, насупраць стадыёна “Дынама”. Пад знос пойдзе, магчыма, самы цэнтральны прыватны сектар сталіцы.

Знесці плануюць увесь прыватны сектар: па вуліцах Ульянаўскай і Беларускай, а таксама ў Круглым завулку. Пад бульдозеры рызыкуюць трапіць жылы двухпавярховік (Беларуская, 10) і прамзона з сэрвісным цэнтрам Peugeot. А вось што дакладна захаваюць, дык гэта амбасады Малдовы і Лівіі. 

На гэтым месцы збіраюцца збудаваць новае жыллё: шматкватэрныя дамы (агулам 272 кватэры) і інтэрнаты БДТУ (агулам — 886 пакояў) — а таксама будынкі грамадскага і камунальнага прызначэння.

Апроч таго, на вызваленай тэрыторыі праектуюць спартыўны комплекс з басейнам БДТУ. Ляхаўскі сквер могуць пашырыць. Вуліцы Свярдлова і Беларускую злучыць новы праезд.

Усе захады плануецца здзейсніць да 2025 года. А пасля 2030-га, паводле генеральнага плана Мінска, вуліцы Ульянаўскую і Жукоўскага можа злучыць тунэль.

Акрамя гэтага горадабудаўнічага праекта дэталёвага планавання (ПДП), Мінгарвыканкам 23 красавіка зацвердзіў яшчэ два. Другі адносіцца да тэрыторыі Першамайскага раёна: у межах Лагойскага тракту — вуліцы Валгаградскай — вуліцы Кутузава — вуліцы Севастопальскай. Тут уздоўж Севастопальскага парку знаходзіцца буйны масіў прыватнага сектара, што з’явіўся адразу па вайне.

Прыватны сектар уздоўж вуліц Валгаградскай і Кнорына плануюць знесці: тут праектуюць шматкватэрнае жыллё і дзіцячы сад. Прыватныя дамы ў глыбіні квартала абяцаюць захаваць, але ўшчыльняць “з давядзеннем да параметраў жылой сядзібнай высока- і сярэдняшчыльнай забудовы”.

Трэці ПДП адносіцца да тэрыторыі Фрунзенскага раёна: у межах вуліцы Шаранговіча — вуліцы Панамарэнкі — мяжы зоны 336 ЛР — вуліцы Ельскіх — вуліцы Гарэцкага. Цяпер на гэтай тэрыторыі — зялёная зона, пустэча і адвал грунту “Метрабуда”.

Тут плануецца збудаваць фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам, медыцынскі цэнтр, школу мастацтваў і пару кавярняў. Зялёную зону ўпарадкуюць да маштабу парку гарадскога значэння: у перспектыве ён павінен стаць часткай Лошыцкай воднай сістэмы – заходняга паўкальца, якое звяжа ў адзіную сетку паркі, скверы і акваторыі рачушак на прасторы ад Лошыцы да Вяснянкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.