У Мінску Мядзведзева папракнулі перамовамі па нафце, газу і прадуктах харчавання

У Мінску Мядзведзева папракнулі перамовамі па нафце, газу і прадуктах харчавання

Прэс-сакратар кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант заявіла, што словы Аляксандра Лукашэнкі пра "не нашыя войны" вырваныя з кантэксту, паведамляе РІА "Новости".

У інтэрв'ю казахстанскаму дзяржаўнаму агенцтву "Хабар" кіраўнік Беларусі заявіў, што Беларусь пацярпела ў шматлікіх войнах і "гэта не нашы былі войны, мы тым не менш гора сербанулі". Гэтыя словы абурылі расійскага прэм'ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева. "Нашы бацькі і дзяды абаранялі нашу зямлю, гэта не ўдзел у чужых войнах. Таму для мяне вельмі дзіўна чуць такія словы", — пракаментаваў Мядзведзеў.

Эйсмант у каментары расійскаму агенцтву паведаміла, што Лукашэнка азнаёмлены з рэакцыяй Мядзведзева. "Рэакцыя, трэба сказаць, вельмі нечаканая. І нечаканасць яе палягае ў поўным скажэнні сутнасці", — заявіла яна. На яе думку, словы беларускага кіраўніка вырваныя з кантэксту. 

Прэс-сакратар Лукашэнкі патлумачыла, што ён меў на ўвазе: "Усё гранічна ясна: кажучы пра гэта, прэзідэнт меў на ўвазе, што наваяваліся — і Беларусь, і Расія — хопіць!"

Яна падкрэсліла, што калі хтосьці ў постсавецкі перыяд і адхрышчваўся ад чагосьці, дык гэта была Расія, а не Беларусь. Прычым рабіла гэта Расія не аднойчы, дадала Эйсмант. Прыводзіць прыклады яна не стала. 

"Яшчэ больш дзіўна для расійскага прэм'ера павінна выглядаць тое, што пасля столькіх пройдзеных разам выпрабаванняў сёння нашы краіны загразлі ў бясконцых перамовах па нафце, газу і нават прадуктах харчавання", — дадала прадстаўніца афіцыйнага Мінска. Яна прапанавала расійскім уладам вырашаць гэтыя пытанні, а не згадваць "сівыя часы".

На думку Эйсмант, гэтае абмеркаванне выклікае адно пытанне: каму і навошта трэба сёння падымаць гэтую тэму? "З чаго б? Наша стаўленне да гісторыі ўсім вядомае. Хочаце паглядзець, як шануюць памяць пра абаронцаў Айчыны, — прыязджайце ў Беларусь! Проста камусьці трэба, каб гэтая быццам бы гранічна зразумелая тэма раптам загучала. Ці, можа быць, трэба знайсці новую нагоду ўкусіць?.. Але гэта пытанне пакуль рытарычнае", — падсумавала яна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі