Вы тут

У Мінску хочуць збудаваць інклюзіўны дом — але жыхары квартала пратэстуюць

Рэндар фасаду

У сталічным мікрараёне Захад-4, зусім побач з лесапаркам Мядзведжына неўзабаве можа з’явіцца інавацыйны жылы дом. Праекціроўшчыкі ў ім улічылі патрэбы людзей з праблемамі зроку. Прычым не толькі ўнутры, але і на прылеглай тэрыторыі.

Каб забяспечыць камфортнае асяроддзе для людзей з праблемамі зроку, на пешаходных дарожках вакол дома панізяць барты. На ходніках выкладуць тактыльную плітку, у двары расставяць тактыльныя таблічкі і “пункты прыняцця рашэнняў”. У самім доме з’явіцца тактыльная падлога. На кнопках у ліфце будуць надпісы шрыфтам Брайля, а інфармацыя будзе агучвацца голасам. Падрабязней пра праект можна паглядзець тут.

Відарыс двара

Чаму такі дом плануюць пабудаваць менавіта тут?

Па-першае, гэта выгадная пляцоўка. Фасад дома будзе выходзіць на лесапарк. А гэта прыгожа і прывабна.

Па-другое, у гэтым квартале кампактна пражывае суполка інвалідаў па зроку, якія працуюць на прадпрыемстве “Святлопрыбор”, што размяшчаецца побач. Але Беларускае таварыства інвалідаў па зроку не ўхваляе праект. Там мяркуюць, што новы дом разбурыць даступнае асяроддзе для інвалідаў па зроку, якое паспяхова склалася ў квартале.

Нягледзячы на інклюзіўныя інавацыі праекта, ён не падабаецца і жыхарам квартала, дзе яго плануюць пабудаваць. Перадусім праз ушчыльненне тэрыторыі.

– Эскіз праекта, які адміністрацыя Фрунзенскага раёна прапанавала для грамадскага абмеркавання, прадугледжвае “кропкавую забудову”: будаўніцтва аб’екта без распрацоўкі ПДП тэрыторыі, — заўважаюць сябры ініцыятыўнай групы жыхароў квартала. — Адпаведна, адсутнічаюць разлікі выканання нарматываў (напрыклад, забяспечанасць жыхароў аб’ектамі сацыяльна гарантаванага абслугоўвання, баланс забудаванай і азялененай тэрыторыі) і экспертная праверка гэтых разлікаў.

Панарама спрэчнай пляцоўкі

Актывісты падышлі да праблемы сістэмна і даслалі ў адміністрацыю Фрунзенскага раёна спіс сваіх заўваг і прапаноў да праекта:

1) у крокавай даступнасці бракуе дзіцячых садкоў, школ і паліклінік. А ўстановы, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад квартала, перапоўненыя:

— у навакольных садках перавышэнне фактычнай напаўняльнасці над разліковай складае ад 34 да 120 дзяцей, агулам па акрузе — 405 дзяцей;

— у дзвюх школах, якія знаходзяцца непадалёк, напаўняльнасць перавышае разліковую на 100 і 146 вучняў, а ў гімназіі — на 591 вучня;

— у 2-й паліклініцы, якая знаходзіцца побач, адзін доктар агульнай практыкі ў сярэднім абслугоўвае 1515 чалавек. Нарматыў забяспечанасці — 1 доктар на 1300 жыхароў;

Дзіцячая пляцоўка пад пагрозай знікнення

2) колькасць стаяначных месцаў у квартале ўжо цяпер прыблізна ў 1,5 раза меншая за неабходную. А разам з узвядзеннем дома будаваць новыя стаянкі і паркоўкі не плануецца. Ёсць толькі план — пашырыць наяўную паркоўку каля падатковай інспекцыі, а яна і так увесь час забітая ўшчэнт;

3) мінус адна дзіцячая пляцоўка: на яе месцы праектам прадугледжаны пажарны праезд;

4) новы дом скароціць плошчу зялёных зон у квартале. Рызыкуе не выконвацца як след нарматыў па забяспечанасці жыхароў азялененымі тэрыторыямі.

Адзіная паркоўка запоўненая ўжо зараз

Актывісты сабралі больш за 600 подпісаў жыхароў квартала ў падтрымку двух патрабаванняў да адміністрацыі Фрунзенскага раёна:

— скасаваць праект будаўніцтва жылога дома;

— распрацаваць ПДП для квартала і прылеглай тэрыторыі.

Еўрарадыё будзе сачыць за сітуацыяй вакол гэтага праекта.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.