У Мінску асуджаны баец ММА і палітвязень Уладзіслаў Навіцкі

У Мінску асуджаны баец ММА і палітвязень Уладзіслаў Навіцкі. За ўдзел у масавых пратэстах ён атрымаў тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Як паведамляюць праваабаронцы "Вясны", крымінальную справу разглядаў суд Савецкага раёна сталіцы (суддзя — Марына Фёдарава). Прысуд быў агучаны 2 жніўня. Спартсмена прызналі вінаватым у "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзеле ў іх". Па версіі следства, падчас адной з акцый 2020-га ён выходзіў на праезную частку вуліц і гэтым замінаў працы грамадскага транспарту. Сваю віну Навіцкі ў судзе прызнаў цалкам.

Уладзіслава Навіцкага затрымалі ў сакавіку сёлета. Ад таго часу ён знаходзіўся ў СІЗА № 1 Мінска. У траўні беларускія праваабаронцы прызналі Навіцкага палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.