Вы тут

У мінскі суд перадалі крымінальную справу аб арганізацыі студэнцкіх пратэстаў

Вольга Філатчанкава / Facebook

Генпракуратура Беларусі паведамляе, што накіравала ў Мінскі гарадскі суд "для вызначэння падсуднасці" крымінальную справу ў дачыненні 12 чалавек. Ім інкрымінаваная арганізацыя ў жніўні-лістападзе 2020-га ў сталіцы "групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Фігуранты справы — гэта "былы асістэнт кафедры адной з ВНУ Ф." і "маладыя людзі 1996-2001 гадоў нараджэння, у тым ліку студэнты сталічных універсітэтаў".

Ф. — гэта выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава, затрыманая ў сярэдзіне лістапада мінулага года. Падчас прэзідэнцкіх выбараў Філатчанкава была незалежнай назіральніцай, потым яна прымала ўдзел у страйку супрацоўнікоў БДУІР, паўдзельнічала ў запісе відэазвароту да беларусаў з заклікам не выконваць злачынныя загады.

Вядома, што па крымінальнай справе праходзілі студэнты Кася Будзько, Яна Арабейка, Ксенія Сырамалот, Ягор Канецкі, Анастасія Булыбенка, Марыя Каленік, Вікторыя Гранкоўская, Ілля Трахтэнберг, Глеб Фіцнер і іншыя. Выкладчыца і студэнты яшчэ летась былі прызнаныя палітзняволенымі.

Па версіі Генпракуратуры, Ф. была "каардынатаркай" дзеянняў удзельнікаў пратэстаў. Абвінавачаныя нават "выпрацавалі план, які павінен быў садзейнічаць дасягненню супрацьпраўнага выніку, і прынялі меры да яго рэалізацыі". Усе яны па-ранейшаму знаходзяцца пад вартай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.