У мінскай кватэры даследчыка сталінскіх рэпрэсій правялі ператрус
Ігар Станкевіч / Еўрарадыё
Сілавікі правялі ператрус у мінскай кватэры вядомага даследчыка сталінскіх рэпрэсій Ігара Станкевіча.
Сам Станкевіч апошнія гады знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі. Пра ператрус ён даведаўся ад сваёй былой жонкі, з якой ён у разводзе ўжо 18 гадоў, піша "Віцебская Вясна". З яе нумара Станкевічу затэлефанаваў невядомы, які хацеў паразмаўляць з ім. Станкевіч папрасіў, каб мужчына назваўся, але той толькі заявіў, быццам даследчык "вярбуе сабе людзей, каб атрымліваць пад гэта гранты". Прычыну ператрусу суразмоўца таксама не патлумачыў.
Станкевіч кажа, што ягоныя блізкія пастаянна адчуваюць ціск з боку сілавікоў: у кагосьці з іх бралі аналіз ДНК, у кагосьці перыядычна праводзяць ператрусы і распытваюць, чым і дзе займаецца іх сваяк.
Даследчык пакінуў Беларусь пад пагрозай палітычнага пераследу, сацсеткі ягонай ініцыятывы "Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы" прызнаны "экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй". Станкевіч абвешчаны ў вышук на тэрыторыі Беларусі і Расіі.