У Мінадукацыі кажуць, што яны "ў шоку" ад відэа пра "загон у БРСМ"

У Мінадукацыі кажуць, што яны "ў шоку" ад відэа пра "загон у БРСМ"

У Міністэрстве адукацыі кажуць, што яны ў шоку ад відэа пра ўступленне ў БРСМ, якое з'явілася ў інтэрнэце. Пра гэта ў каментары Радыё "Свабода" заявіла прэс-сакратар ведамства Людміла Высоцкая.

Як паведамляла Еўрарадыё, відэа знялі вучні адной са сталічных гімназій. Падчас класнай гадзіны дзве настаўніцы прымушаюць вучняў уступіць у БРСМ, перыядычна пагражаючы ім. Яны кажуць вучням, што гэта робіцца для статыстыкі — "проста тупа зрабіць гэтую лічбу". 

У каментары "Свабодзе" Высоцкая заявіла, што ніхто нікога нікуды не заганяе. "Уступленне ў грамадскія арганізацыі — справа добраахвотная, дзеці павінны самі вызначыцца. Ніхто нікуды нікога не заганяе, БРСМ павінен сваімі справамі, сваімі ўчынкамі рабіць такое, каб дзеці туды імкнуліся".

Прадстаўніца Мінадукацыі лічыць, што настаўнікі павінны сачыць за сваімі словамі, бо вучні могуць зафіксаваць усё: "Дзеці зараз настолькі "прасунутыя" — з гаджэтамі, што патрэбна кожнае слова сваё кантраляваць, фільтраваць. Ты працуеш цяпер з такой аўдыторыяй! Я не магу зразумець, чым выкліканы такі энтузіязм гэтай намесніцы дырэктара па выхаваўчай рабоце".

Па словах Высоцкай, пазней з'явіцца афіцыйны каментар намесніцы міністра адукацыі па ідэалагічнай рабоце Раісы Сідарэнка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі