Вы тут

У Магілёве вынесены прысуд брэсцкім блогерам Кабанаву і Пятрухіну

Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін у судзе ў лютым 2021-га / nn.by

У Магілёве вынесены прысуд брэсцкім блогерам і грамадскім дзеячам Аляксандру Кабанаву і Сяргею Пятрухіну. Кожны з іх атрымаў тры гады калоніі агульнага рэжыму (такія тэрміны і прасіла пракурор). Іск амапаўца да падсудных у памеры 1500 рублёў задаволены.

Крымінальную справу з лютага разглядаў суд Кастрычніцкага раёна Магілёва, суддзя — Вольга Краўчанка. Кабанава і Пятрухіна прызналі вінаватымі ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак", у "абразе прадстаўніка ўлады", а апошняга таксама ў "абразе суддзі".

Палітвязняў пазбавілі апошняга слова. Не было іх і на абвешчанні прысуду.

Сяргей Пятрухін / nn.by

Суд пачаў разгляд справы Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна 11 лютага. У той дзень іх выдалілі "за парушэнне парадку судовага пасяджэння". Палітвязні выказалі недавер і суддзі, і пракурору. Яны патрабавалі, каб працэс ішоў на беларускай мове. Але хадайніцтвы не былі задаволены.

"Выдаліце мяне, казаў у судзе Кабанаў. — Справа палітычна матываваная, вы не маеце права трымаць нас пад арыштам і судзіць... Выдаляйце мяне з залы і хоць расстрэльвайце — я тут стаяць не буду!".

Пятрухіна і Кабанава затрымалі яшчэ ў пачатку лета мінулага года, да прэзідэнцкіх выбараў і масавых пратэстаў. Спачатку быў адміністрацыйны арышт, а пасля яны сталі фігурантамі крымінальных спраў. Праваабарончая супольнасць прызнала Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна палітвязнямі.

Аляксандр Кабанаў / nn.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.