У Магілёве не дазволілі правесці пікет у падтрымку Лукашэнкі

У Магілёве ўлады не дазволілі правесці пікет у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта паведаміў грамадскі актывіст Аляксей Паўлоўскі, які адзначыў, што ініцыятарамі пікета выступілі 44 магілёўцы.
Падпісанты мелі намер праз масавае мерапрыемства выказаць падтрымку ў прыняцці закона аб дармаедах, "падтрымаць вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі на пяты тэрмін", а таксама вылучыць кіраўніка Беларусі на Нобелеўскую прэмію міру, за пасярэдніцтва ў спыненні агню ва Украіне.
Пікет, у выніку дазволу, мусіў адбыцца на плошчы Леніна ў цэнтры горада, аднак чыноўнікі спаслаліся на тое, што гарвыканкамам для правядзення падобных мерапрыемстваў вызначыў пляцоўку на стадыёне “Хімік”, які размяшчаецца на ўскрайку Магілёва.
Фота: АР






