У Лукашэнкі абмеркавалі пытанне мяжы з Расіяй

У Лукашэнкі абмеркавалі пытанне мяжы з Расіяй

У чацвер у Аляксандра Лукашэнкі абмеркавалі ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі ў памежных пытаннях. З дакладамі ў яго пабывалі дзяжсакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась і старшыня Дзяржпамежкамітэта Анатоль Лапо.

Як інфармуе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, у лістападзе прыходзіць час у чарговы раз працягнуць дзеянне беларуска-расійскай дамовы аб сумесных высілках па ахове "знешняй мяжы саюзнай дзяржавы". З гэтай нагоды і было прааналізавана ўзаемадзеянне памежных ведамстваў. Лукашэнка заявіў, што наша краіна на 100% выконвае свае абавязацельствы, ахоўвае і свае інтарэсы, і інтарэсы саюзнай Расійскай Федэрацыі.

"Нібыта праблем няма, але ў той жа час, па інфармацыі іншых ведамстваў, яны ёсць", — сказаў Лукашэнка Засю і Лапо. Адна з такіх праблем — перасоўванне замежнікаў праз беларуска-расійскую мяжу. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што часам замежніка, які едзе з Польшчы праз Беларусь, могуць не ўпусціць у Расію нават калі ён мае расійскую візу.

"Яго вяртаюць назад: давай уязджай праз латвійска-расійскую мяжу ці ж праз (дзіўна!) украінска-расійскую, — абураецца беларускі кіраўнік. — Гэта што такое? Нібыта ўсё добра, але гэта пытанне". Лукашэнка не разумее, чаму так адбываецца. Тым больш, што расіяне прызнаюць: беларусы ахоўваюць мяжу лепш, чым яны. "Што гэта за абсурд? — спытаўся ён у прысутных. — І гэтае пытанне з расіянамі трэба вырашаць... Беларусы не нахлебнікі!".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі