У Лукашэнкі 10,5 тысяч у ініцыятыўнай групе — што ў яго канкурэнтаў?

Да канца тыдня людзі з прэзідэнцкімі амбіцыямі мусяць зрабіць першы афіцыйны крок у выбарчым марафоне — падаць спісы сваіх ініцыятыўных груп на рэгістрацыю ў Цэнтрвыбаркам. На якім этапе справа?

Першым чакана абвясціў пра гатоўнасць несці ўжо складзеныя спісы ў ЦВК лідар ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч. І нават дакладна сказаў, што панясе іх 15 ліпеня а 12-й гадзіне.

“Плюс-мінус на сёння ў спісах 2500 чалавек, і гэта выключна сябры партыі, — распавядае намеснік лідара партыі Алег Гайдукевіч. — У 2010 годзе мы 10 тысяч чалавек выставілі і зарэгістравалі без праблем. Таму і сабралі неабходныя 100 тысяч подпісаў за 10 дзён, але цяпер прынялі пакуль такое рашэнне па колькасці ініцыятыўнай групы”.

Ну, Сяргей Гайдукевіч заўжды ўсё робіць першым: і пра намер балатавацца абвяшчае, і ініцыятыўную групу фармуе ды рэгіструе, і 100 тысяч подпісаў за вылучэнне нібыта збірае (але не здае ў ЦВК), і, як гэта было ў 2010 годзе, здымаецца з выбараў першым. Гэтым разам, упэўнівае Гайдукевіч-малодшы, яго бацька пойдзе да канца, але як яно будзе — пабачым.

                                           Сяргей Гайдукевіч

Адразу за Гайдукевічам пра гатоўнасць несці спісы ў ЦВК заяўляе лідар партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін. Дзіўным чынам яго час паходу да Лідзіі Ярмошынай выпадае на гадзіну раней за Гайдукевіча — аб 11 гадзіне 15 ліпеня. Праўда, прызнаецца Еўрарадыё намеснік лідара партыі Валерый Ухналёў за суткі да прызначанай даты, спісы яшчэ не аформленыя належным чынам.

Валерый Ухналёў: “Акурат цяпер сядзім і спісы вывяраем, бо часам трапляюцца “двайнікі” — двойчы запісаныя. Але ў выніку будзе 1500 чалавек у спісах, можа, крыху больш”.

                                           Сяргей Калякін

Пераважная большасць сяброў ініцыятыўнай групы Сяргея Калякіна — партыйцы. Але ёсць і проста прыхільнікі, спецыяльная база якіх створаная актывістамі “Справядлівага свету”. Гэта тыя, хто некалі ставіў подпіс за кандыдата “левых” у мясцовыя саветы, у парламент ці браў удзел у нейкіх акцыях.  Такіх людзей, прызнаецца Ухналёў, абзвоньвалі і прапаноўвалі ўвайсці ў склад ініцыятыўнай групы.

Але як ні спяшалі абставіць адзін аднаго на гэтым этапе выбарчай кампаніі Калякін і Гайдукевіч, у лідары без асаблівага шуму і піяру выйшаў Аляксандр Лукашэнка.

 “У 10 гадзін 40 хвілін 14 ліпеня кіраўнік ініцыятыўнай групы Міхаіл Арда прадставіў заяву і спіс ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Лукашэнка Аляксандра Рыгоравіча. Агульны склад групы — каля 10,5 тысяч чалавек, якія прадстаўляюць усе рэгіёны Рэспублікі Беларусь, і цяпер Цэнтральная камісія працуе з гэтымі дакументамі”, — распавядае Еўрарадыё сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.

                              Аляксандр Лукашэнка

Гэта тыя тры прэтэндэнты, сябрам ініцыятыўнай групы якіх вы стаць ужо не зможаце. Але спіс тых, хто абвясціў пра свой намер пазмагацца за прэзідэнцкае крэсла, не скончыўся — як там з шанцамі выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю?

У апошнія дні, 16-17 ліпеня, панясуць у ЦВК спісы сваіх ініцыятыўных груп лідар АГП Анатоль Лябедзька, кандыдат ад “Народнага рэферэндуму” (у яго ўваходзяць кампанія “Гавары праўду”, Рух “За свабоду” і Партыя БНФ — Еўрарадыё) Таццяна Караткевіч і сталы ўдзельнік усіх прэзідэнцкіх выбараў Віктар Цярэшчанка. У Лябедзькі, па яго словах, у групе будзе 700-800 чалавек, і запісацца туды яшчэ можна. Больш за тысячу чалавек плануюць набраць у ініцыятыўную групу Караткевіч, крыху няўпэўнена выдае лідар “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў. Віктар Цярэшчанка групу яшчэ фармуе, але кажа, што ў ёй будзе, як і ў 2010 годзе, каля 1300 чалавек. Запіс яшчэ ідзе.

                                        Анатоль Лябедзька

                                        Андрэй Дзмітрыеў і Таццяна Караткевіч

Дарэчы, месяц таму Віктар Цярэшчанка ў інтэрв’ю Еўрарадыё катэгарычна заяўляў: гэтым разам браць удзел у выбарах не будзе. Сёння ён кажа, што толькі два дні таму пагадзіўся на ўдзел “пад ціскам сваёй ініцыятыўнай групы”. Не выключае, што сыдзе з гонкі.

Але і гэта яшчэ не ўвесь спіс патэнцыйных кандыдатаў. Калі вы расчараваліся ў тытульнай апазіцыі і ўладзе — вось вам новыя твары ў палітыцы. Складаюць спісы ініцыятыўных груп па вылучэнні сябе кандыдатам у прэзідэнты беспрацоўны Юрый Шульган, дырэктар кампаніі "Цар-мёд” Юрый Радзькоў і мінскі прадпрымальнік Уладзіслаў Цітовіч.

Уладзіслаў Цітовіч шчыра прызнаецца: сёння ў яго ініцыятыўнай групе крыху больш за 100 чалавек. Гэтага, кажа, недастаткова, каб сабраць неабходныя для вылучэння кандыдатам 100 тысяч подпісаў — для гэтага трэба “ад 2 да 5 тысяч чалавек у ініцыятыўнай групе”.

                    Уладзіслаў Цітовіч

Каб атрымаць ад Юрыя Радзькова адказ на пытанне, колькі чалавек у яго ініцыятыўнай групе, спатрэбілася амаль паўгадзіны размовы. І тое ўцямнага адказу я так і не атрымаў. Даведаўся толькі, што неабходны для рэгістрацыі мінімум у 100 чалавек ёсць.

                                              Юрый Радзькоў

Цікавая сітуацыя з беспрацоўным Юрыем Шульганом, які некалькі месяцаў расказвае, як пойдзе ў прэзідэнты і што там будзе рабіць. Раптам высвятляецца, што ў яго нават пашпарту няма! Пашпарт яму зрабілі 13 ліпеня, але… без рэгістрацыі!

“У яго ёсць месца рэгістрацыі, якое пазначанае ў міліцэйскіх базах дадзеных — ён не згублены чалавек. Таму ў любым выпадку мы будзем падаваць дакументы — у спісах ужо 124 сябры ініцыятыўнай групы", — супакойвае Еўрарадыё прадстаўнік Шульгана Паўлюк Канавальчык

                                                   Юрый Шульган

Запісацца ў групу можна да любога з “незалежных” кандыдатаў. Дзе і як? Гугл вам у дапамогу — шукайце кантакты ў інтэрнэце, адказваюць нам. Маўляў, цяпер усе “прашараныя”. Ага, засталося сярод “прашараных” знайсці палітычна актыўных. Дакладней, каб яны самі знайшліся — улёткамі “Ты запісаўся ў маю ініцыятыўную групу?” сцены і слупы не абклееныя.

І яшчэ: каму цікавае меркаванне сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка наконт колькасці ініцыятыўных груп? Лазавік упэўнены, што з групай, меншай за 1 тысячу чалавек, на прэзідэнцкіх выбарах рабіць няма чаго — меншай колькасцю людзей неабходныя для вылучэння кандыдатам 100 тысяч подпісаў сабраць нерэальна. 

                                              Мікалай Лазавік

Фота: Змітра Лукашукаxn--j1aidcn.orgnaviny.by, з архіваў Юрыя Радзькова, Уладзіслава Цітовіча

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі