Вы тут

У Літве за суткі затрымалі толькі 19 мігрантаў, больш за 300 адправілі назад

Затрыманыя нелегальныя мігранты / VMG

У Літве за суткі затрымалі толькі 19 нелегальных мігрантаў, напярэдадні было 35. А раней за суткі затрымлівалі сотні. Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заяўляе, што літоўскі бок працягвае адпраўляць нелегалаў, якія спрабуюць перайсці мяжу, назад. Як прыклад прыводзіцца інцыдэнт, калі полацкія памежнікі бачылі вяртанне з літоўскага боку мяжы васьмі мігрантаў. Аднак "беларускія памежнікі не дапусцілі парушэння дзяржаўнай мяжы" (а калі яны ішлі ў Літву, "дапусцілі парушэнне"?). Атрымліваецца, што яны заставаліся ў нейтральнай паласе. І толькі калі аднаму нелегалу стала кепска, а "прадстаўнікі літоўскага боку ніяк не адрэагавалі", беларускія памежнікі выклікалі медыкаў. Замежніку дазволілі вярнуцца ў Беларусь і шпіталізавалі. Што здарылася з іншымі мігрантамі, не паведамляецца.

За апошнія суткі ў Літву не пусцілі больш за 300 нелегалаў.

Дзяржаўная прапаганда Беларусі з серады асвятляе гібель мігранта з Ірака на мяжы з Літвой. У Вільні гэта называюць правакацыяй беларускага боку. Тым больш, высветлілася, што знайшоў нелегала беларускі афіцэр у адстаўцы.

МЗС Ірака заклікала сваіх грамадзян "не быць мішэнню кантрабанды [людзей] і сеткі гандлю людзьмі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.