У кіроўцы аўтобуса здарыўся інсульт, але ён давёз людзей да прыпынку

У кіроўцы аўтобуса здарыўся інсульт, але ён давёз людзей да прыпынку

Увечары 23 ліпеня ў Мінску кіроўцу аўтобуса № 97 стала кепска, але ён давёз людзей да прыпынку “Керамін”, адкрыў дзверы, каб пасажыры змаглі выйсці, і рухнуў на руль. Хуткую яму выклікалі пасажыры.

Гераічным кіроўцам апынуўся 47-гадовы Юрый Дзюбанаў. Цяпер ён ляжыць у неўралогіі 9-й бальніцы.

“Напэўна, у яго быў інсульт, таму што аддзяленне інсультнае”, — распавялі Еўрарадыё ў 9-й гарадской бальніцы.

Дырэктар “Аўтобуснага парка №6” Уладзімір Даноўскі не лічыць учынак кіроўцы гераічным.

“А чаму вы думаеце, што ён герой? Гэта яго праца. Ён жа быў у прытомнасці. Калі б ён страціў прытомнасць і нейкім чынам даехаў бы… А так, гэта ж яго абавязак”, — настойвае кіраўніцтва.

Па словах дырэктара аўтапарка, напярэдадні Юрый Дзюбанаў напісаў заяву аб звальненні.

“Нешта яму не падабаецца. Ён нядаўна ў нас працуе. Дзесьці з 31-га ліпеня ён звальняецца. Я яго цяпер не хачу за руль саджаць, мала ці што. Гэта небяспечна, мы людзей возім!”

Цяпер кіроўца ні з кім размаўляць не хоча і адказвае, што лечыцца, распавядае Уладзімір Даноўскі. Ці вернецца Юрый на працу і колькі часу правядзе ў бальніцы, невядома.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі