У Кіеве лічаць нясвоечасовай ідэю ўводу беларускіх міратворцаў ва Украіну

Пра гэта агенцтву БелаПАН заявіў прэс-сакратар украінскага МЗС Яўген Перабійніс. Так ён пракаментаваў заяву Аляксандра Лукашэнкі пра гатоўнасць накіраваць ва Украіну беларускіх вайскоўцаў для вырашэння канфлікту. 

Нагадаем, заява прагучала ў інтэрв'ю тэлеканалу "Еўраньюс". Фрагмент гутаркі быў размешчаны на сайце тэлеканала 2 кастрычніка. 

Перабійніс нагадаў, што ўкраінскі бок неаднаразова агучваў сваю пазіцыю наконт магчымага ўдзелу міратворчых войскаў у канфлікце. "Ёсць мінскія дамоўленасці, і ўсе бакі павінны іх выконваць. Украіна іх выконвае, мы прытрымліваемся рэжыму спынення агню. Але, на жаль, Расія і баевікі-тэрарысты не выконваюць мінскія дамоўленасці. Таму наша пазіцыя такая: мы здольныя самі навесці парадак на нашай зямлі, калі яе пакінуць замежныя войскі і спыняць падтрымку тэрарыстаў", — заявіў Перабійніс. 

Нагадаем, што прадстаўнікі самаабвешчанай "Данецкай народнай рэспублікі" прывіталі ідэю Лукашэнкі накіраваць міратворцаў ва Украіну. 

Фота — bigmir.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі