У Ізюме, які з канца сакавіка знаходзіцца пад кантролем расійскіх войскаў, пры разборы завалаў знайшлі целы 44-х чалавек. Іх выявілі на месцы разбуранага пяціпавярховага дома. Дом знішчылі расіяне падчас абстрэлаў горада яшчэ ў першай дэкадзе сакавіка, піша прадстаўнік украінскіх уладаў у рэгіёне, кіраўнік Харкаўскай абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў.
Усе загінулыя — мірныя грамадзяне. "Гэта чарговае жудаснае ваеннае злачынства расійскіх акупантаў супраць мірнага насельніцтва", — адзначыў ён
Паводле звестак ААН, з пачатку вайны ва Украіне загінула каля 3400 мірных жыхароў, раненні атрымала больш за сем тысяч цывільных. І гэта не дакладныя лічбы. Фактычная колькасць значна большая, адзначаюць у ААН, таму што інфармацыя з месцаў баёў паступае са спазненнем і многія паведамленні патрабуюць пацверджання.