У Іванаве сілавікі стралялі гумовай куляй у сабаку затрыманай

У Іванаве сілавікі стралялі гумовай куляй у сабаку настаўніцы Алены Пуцыковіч, якая адбывала "хатнюю хімію" за публікацыю дадзеных двух міліцыянераў. Пра гэта паведамляюць праўладныя тг-каналы. Параненую жывёлы дачка настаўніцы адвезла ў ветэрынарку. Жывёла памерла. Лёс самой настаўніцы невядомы. 

13 ліпеня ў райцэнтры Брэсцкай вобласці прайшла аблава на мясцовых актывістаў. Відавочцы паведамляюць, што затрыманнямі займалася не раённая міліцыя, а ГУБАЗіК і "Алмаз". Усяго было затрымана 9 чалавек. 

Тамары Падымака далі 30 базавых штрафу за распаўсюд "экстрэмістскіх матэрыялаў", Марыне Кіявец — 29 базавых — прычына тая ж. Па версіі сілавікоў, жанчыны рэпосцілі ў сваіх сацсетках матэрыялы "Зеркала". 

Яшчэ адна жанчына, Дзіяна Міховіч, атрымала 15 сутак арышту за "непадпарадкаванне": нібыта яна пярэчыла людзям, якія прыйшлі ў яе дом з ператрусам. Таксама сярод затрыманых Андрэй Дражын — летась яго аштрафавалі на 1160 рублёў за бел-чырвона-белую шыльду на доме. Таксама затрыманы Андрэй Беленькі — былы намеснік начальніка Іванаўскага РАУС, які звольніўся з міліцыі яшчэ да выбараў.

У затрыманых дома адбыліся ператрусы. Канфіскаваныя тэлефоны і камп'ютары. Некаторыя кватэры літаральна разгромленыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.