У Гродне палохаюць адлічэннем з ВНУ ўдзельніцу абароны старога горада

Студэнтцы 2-га курсу юрфака Гродзенскага дзяржаўнага універсітэту Кацярыне Бычак пагражае адлічэнне. Яна была актывісткай у кампаніі за захаванне гістарычнай спадчыны Гродна.
Па сямейных абставінах Кацярына вымушана была прапусціць 9 дзён
заняткаў. Зараз гэты факт выкарыстоўваецца, як падстава для ціску на
дзяўчыну. 

Вось што кажа ў інтэрв’ю “Еўрарадыё” Кацярына Бычак:


“Вырашылі падаць маю справу на адлічэнне ці строгую вымову. Пры гэтым
першапачаткова мне пагражалі адлічэннем. У прыватных размовах з
некаторымі людзьмі былі намёкі, што адлічыць хочуць не за пропускі, а
за пэўную грамадскую дзейнасць”.

Рада юрыдычнага факультэта вырашыла перакласці адказнасць за вырашэнне
“справы” Бычак на рэктарат. Ён мусіць прыняць рашэнне на працягу
дзесяці дзён. На дадзены момант Кацярына штодня ходзіць на заняткі і не
прапускае ніводнай пары.
 

Сяргей Апановіч
, Еўрарадыё, Гродна