Увечары 6 снежня ў Гомелі затрымалі былую журналістку Ларысу Шчыракову, перадае Радыё "Свабода". Яе сына-падлетка Святаслава забралі ў прытулак — "Сацыяльна-педагагічны цэнтр" у Гомельскім раёне.
Крыніца "Свабоды" кажа, што прычыны і абставіны затрымання невядомыя: "Ніякай ні актыўнай, ні журналісцкай дзейнасцю Ларыса апошнія гады не займалася".
Да 2021 года Шчыракова супрацоўнічала з шэрагам незалежных СМІ. Яна здымала дакументальныя фільмы, вяла свой праект ушанавання памяці рэпрэсаваных "Забітыя і забытыя". Раней узначальвала краязнаўчую арганізацыю "Талака", ліквідаваную ўладамі.
У апошнія месяцы жанчына займалася этнафотасэтамі: фатаграфавала людзей у народных беларускіх строях і ў адпаведных месцах. Сёлета Шчыракова паступіла вучыцца на факультэт псіхалогіі.