У Гомелі пачынаецца яшчэ адзін працэс над "рэйкавымі партызанамі"

Сяргей Пляшкун і Юрый Сельвіч / @viasna96

У Гомельскім абласным судзе сёння павінны пачаць разглядаць крымінальную справу ў дачыненні да двух жыхароў Мазыра. 34-гадовага Сяргея Плешкуна і 45-гадовага Юрыя Сельвіча будуць судзіць у тым ліку за акт тэрарызму. Усяго ім прад'яўлены абвінавачанні па сямі артыкулах КК, распавядаюць праваабаронцы.

Згодна з матэрыяламі справы, Пляшкун і Сельвіч набылі кампаненты для вырабу "кактэйляў Молатава", а таксама "піратэхнічны выраб" — планавалі іх выкарыстаць пры здзяйсненні акту тэрарызму, нападзе на будынкі, установы, транспартныя сродкі, а таксама супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Акрамя таго, мяркуе следства, яны падрыхтаваліся "да наўмыснага прывядзення ў непрыдатнасць транспартных сродкаў і шляхоў зносін, што магло пацягнуць смерць чалавека, крушэнне або аварыю". З пачаткам агрэсіі Расіі супраць Украіны беларусы разгарнулі так званую "рэйкавую вайну " — спрабавалі перашкодзіць расійскім вайскоўцам выкарыстоўваць беларускую інфраструктуру.

Праваабаронцы прызналі Сяргея Плешкуна і Юрыя Сельвіча палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.