Пачынаюць судзіць "рэйкавага партызана", якому пры затрыманні прастрэлілі калені

Віталь Мельнік / калаж t.me/viasna96

5 снежня пачынаюць судзіць "рэйкавага партызана" Віталя Мельніка, якому пры затрыманні сілавікі прастрэлілі калені. У закрытым рэжыме крымінальную справу разглядае Мінскі абласны суд (суддзя — Анжаліка Данілава), піша @viasna96.

Мельніка вінавацяць у тым, што ў сакавіку 2022 года на чыгуначным перагоне Навасады — Барысаў ён нібыта падпаліў рэлейную шафу святлафора аўтаматычнага блакавання. Гэта вывела з ладу сістэму сігналізацыі.

У лістападзе ў лісце на волю Віталь Мельнік пісаў, што з-за наступстваў ранення не можа нармальна хадзіць. Па сукупнасці пакаранняў па выстаўленых абвінавачаннях яму можа пагражаць зняволенне ад 10 да 20 гадоў.

Праваабаронцы пішуць, што ў Мельніка ёсць маленькае дзіця. Сям'я лічыць, што ён не мае дачынення да выстаўленых абвінавачванняў, і звязвае яго затрыманне з помстай мясцовага суддзі, а таксама тым, што раней у Віталя Мельніка была судзімасць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.