У Гомелі на свяце для ўкраінскіх дзяцей затрыманы фатограф

У Гомелі на свяце для ўкраінскіх дзяцей затрыманы фатограф

У Гомелі затрыманы фатограф Сяргей Лысенка, які знаходзіўся ў парку, дзе мела адбыцца свята для ўкраінскіх дзяцей. Раней на 7 сутак за краты патрапіла арганізатарка свята — Ала Караленка.

Згодна з праўладнай газетай "Гомельская праўда", Лысенку прысудзілі 15 сутак, праўда, не вядома, па якім артыкуле. Ён знаходзіцца ў ізалятары і адмаўляе свой удзел у мерапрыемстве.

"Там былі дзеці, жанчына ў адзенні Карлсана з прапелерам. Літаральна праз некалькі хвілін падышоў нарад міліцыі, нас усіх перапісалі і выгналі з парка. Потым мне патэлефанавалі з РАУС, сказалі, што хочуць паразмаўляць", — цытуе выданне словы Лысенкі.

У 2020-м Лысенка здымаў акцыі пратэста ў Гомелі, у 2021-м да яго з вобшукам прыходзіў ГУБАЗіК — забраў смартфон і ноўтбук.

Свята для дзяцей украінскіх бежанцаў мусіла адбыцца ў гомельскім парку 27 чэрвеня. Мерапрыемства было не санкцыянаваным. Праз 10 хвілін пасля пачатку міліцыя прымусіла прысутных разыйсціся, прыгразіўшы наступствамі. Праўда, свята ўсё ж адбылося ў іншым месцы.

Праз некалькі дзён была затрыманая Ала Караленка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі