Вы тут

У фінале Лігі чэмпіёнаў сустрэнуцца "Ліверпуль" і "Тотэнхэм" (відэа)

Лукас Моўра — аўтар хет-трыка / Reuters

У фінале футбольнай Лігі чэмпіёнаў сустрэнуцца "Ліверпуль" і "Тотэнхэм". Першы англійскі клуб прабіўся туды яшчэ ў аўторак, калі атрымаў фантастычную перамогу над "Барселонай". У сераду "Тотэнхэм" з цяжкасцю прайшоў "Аякс" (0:1 — дома, 3:2 — у гасцях). Такім чынам, будзе англійскі фінал!

Галандскі клуб выдатна правёў першы тайм у Амстэрдаме. На 5-й хвіліне Матэйс дэ Лігт адкрыў лік. Гульня была роўнай, але гаспадары поля паступова бралі яе пад свой кантроль. Сон Хын Мін не рэалізаваў два добрыя моманты, а на 36-й Хакім Зіеш забівае другі мяч у браму "Тотэнхэма".

Каб прайсці ў фінал, гасцям трэба было забіваць тройчы. А апошнім часам у англійскай каманды былі праблемы з атакай. Тым не менш, цуд стварыў Лукас Моўра, які вызначыўся на 55-й і 59-й — 2:2! У гэтыя хвіліны "Аякс" запанікаваў, але здолеў больш не прапусціць. У далейшым гульня ішла на сустрэчных курсах, забіць магла і адна, і другая каманды. "Аякс" утрымліваў нічыйны лік, які гарантаваў яму пуцёўку ў фінал. Але на апошніх секундах даданых пяці хвілін Моўра забівае трэці мяч!

Фінал пройдзе 1 чэрвеня ў Мадрыдзе.