У Фарным касцёле ў Гродне сустрэлі Віфліемскі агонь (фота)

У Фарным касцёле ў Гродне сустрэлі Віфліемскі агонь (фота)

Віфліемскі агонь міру гродзенскім скаўтам перадалі іх польскія калегі на пераходзе “Кузніца”. Сёння ж агонь урачыста ўнеслі ў галоўны рыма-каталіцкі храм горада – касцёл св. Францішка Ксаверыя. Пасля гэтага адбылася ўрачыстая імша.

Наступнымі днямі, ажно да пачатку студзеня, усе ахвочыя могуць запаліць свячу ад Віфліемскага агня. Адмысловы зніч стаіць у самым цэнтры – каля галоўнага алтара, праход да яго вольны.

Традыцыя перадачы агню была распачата ў Аўстрыі ў 1986 годзе. Тады гэта разглядалася як дабрачынны марафон падтрымкі для дзяцей-інвалідаў. Па ўсёй Еўропе традыцыя разыйшлася дзякуючы каталіцкім скаўтам — таму менавіта яны традыцыйна ўносяць зніч у храм.

Беларускія, украінскія і літоўскія скаўты атрымліваюць агонь з Польшчы, палякі — са Славакіі.

З Гродна агонь неўзабаве адправіцца ў Мінск і гарады ўсходняй Беларусі. Пасля — па рыма-каталіцкіх парафіях у Расіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі