У дзярме ўсе: як атрымалася, што па 700-гадовых пахаваннях прайшліся бульдозерам

У дзярме ўсе: як атрымалася, што па 700-гадовых пахаваннях прайшліся бульдозерам

Рабочыя, якія зруйнавалі пахаванні 700-гадовай даўніны побач з Гальшанскім замкам, не лічаць, што зрабілі нешта не так. Хаця і перайшлі працаваць на іншае месца.

“Я не абавязаны даваць каментарыі. Каля замка пачалі рабіць добраўпарадкаванне, знайшлі там пару костачак. Работы спынілі, працуюць у іншым месцы, — расказвае Еўрарадыё Станіслаў Станкевіч, інжынер УКБ Ашмянскага раёна, якое і праводзіць работы побач з замкам. — Нехта гаворыць, што магільнік там, але ніхто не ведае. Напішам ліст археолагам, няхай прыедуць і глядзяць: магільнік там ці карова закапаная. Кароўнік там некалі быў”.

Станіслаў Станкевіч дадае, што археалагічныя работы праводзіліся толькі ў самім Гальшанскім замку. Навакольную тэрыторыю ніхто не даследаваў, хаця, па звестках Уласаўца, магільнік побач з замкам згадваецца ў розных крыніцах з канца XIX стагоддзя. Пра тое, што ў зямлі на месцы добраўпарадкавання можа быць нешта каштоўнае, рабочыя не ведалі.

Пры канцы мінулага тыдня рабочыя, якія будавалі побач з Гальшанскім замкам паркоўку і дарожкі для пешаходаў, бульдозерам разварушылі магільнік, якому блізу 700 гадоў. Археолаг Яўген Уласавец, які тэрмінова прыехаў да замка, знайшоў у зямлі чэрап, косці і ўпрыгажэнні. Па яго словах, цяпер большая частка помніка даўніны ці засыпаная тоўстым слоем пяску, ці залітая бетонам.

У дзярме ўсе: як атрымалася, што па 700-гадовых пахаваннях прайшліся бульдозерам
Фота: Яўген Уласавец

У Ашмянскім райвыканкаме Еўрарадыё расказалі, што ўжо звярнуліся да навукоўцаў, каб тыя вызначылі: якія работы неабходна правесці каля Гальшанскага замка.

“Мы напісалі ліст у Інстытут археалогіі, каб яны вызначылі аб’ёмы работ, — адказаў намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама па будаўніцтве і архітэктуры Вадзім Пашкоўскі. — Калі вырашаць, дык там будуць працаваць археолагі. Яны вызначаць плошчу, якую трэба даследаваць, таму чакаем адказу”.

Чыноўнік дадае, што ўсе неабходныя паперы па добраўпарадкаванні тэрыторыі былі, а археолагі не папярэджвалі мясцовыя ўлады пра магчымыя пахаванні побач з Гальшанскім замкам.

Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч вінаватымі ў разбурэнні старажытных пахаванняў лічыць... усіх. Мясцовыя археолагі ведалі пра гэтую гісторыка-культурную каштоўнасць, але не звярнулі на яе ўвагу чыноўнікаў, а рабочыя, якія праводзілі добраўпарадкаванне тэрыторыі, парушылі закон: праводзілі работы ў гісторыка-культурнай зоне.

У дзярме ўсе: як атрымалася, што па 700-гадовых пахаваннях прайшліся бульдозерам
Фота: Яўген Уласавец

“Работы ў ахоўных зонах праводзіліся без дамовы на археалагічны нагляд. Але, на маю думку, вельмі вінаватыя і археолагі, — расказвае Еўрарадыё Антон Астаповіч. — Адкрыты ліст на раскопкі быў выдадзены 1 ліпеня 2019 года. Гэта гаворыць пра тое (і гэта пацвярджае сваім пастом Уласавец), што археолагі ведалі пра магільнік.

Спецыялісты на працягу пяці дзён павінны былі паведаміць у органы ўлады пра выяўлены аб’ект, які мае прыкметы гісторыка-культурнай каштоўнасці. Таму, прабачце за выраз, у дзярме ўсе”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі