Вы тут

Побач з замкам у Гальшанах бульдозеры разбурылі магільнік 700-гадовай даўніны

"Добраўпарадкаванне тэрыторыі" і знаходка каля Гальшанскага замка / Яўген Уласавец

Побач з замкам у Гальшанах бульдозеры знішчылі і пашкодзілі магільнік XIV стагоддзя. Археолаг Яўген Уласавец распавядае, што адно пахаванне цалкам разбурана, два іншых пашкоджаныя гусеніцамі, і толькі чацвёртае ацалела. Пры гэтым меркаваная плошча могільніка, якому каля 700 гадоў, ци засыпаная пяском, ці залітая бетонам.

У апошнія дні вакол замка адбываецца так званае "добраўпарадкаванне тэрыторыі". Там будуюць аўтамабільную стаянку, кладуць тратуарную плітку. На месцы, дзе працавала тэхніка, археолагі знайшлі жаночы чэрап, косці і ўпрыгожанні.

"Добраўпарадкаванне тэрыторыі" каля Гальшанскага замка / Яўген Уласавец
Чэрап і косткі каля Гальшанскага замка / Яўген Уласавец
Знаходка ў зямлі каля Гальшанскага замка / Яўген Уласавец
Упрыгожанні, знойдзеныя ў спустошаным магільніку каля Гальшанскага замка / Яўген Уласавец

"Усе чулі пра рэстаўрацыйныя работы на тэрыторыі Віленскага замка, у ходзе якіх былі знойдзеныя магілы паўстанцаў 1863 года. Гэтая навіна знайшла жывы водгук у беларускім грамадстве. Тысячы людзей падпісалі петыцыю пра перапахаванне лідара паўстанцаў, Кастуся Каліноўскага, на тэрыторыі Беларусі...

Беларускія ж рэаліі ашаламляльна адрозніваюцца ад літоўскіх. Большасць работ на аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны праходзяць без удзелу археолагаў. Сітуацыя з Гальшанскім замкам і магільнікам наглядна ілюструе, да чаго прыводзяць працы, што праводзяцца з грубейшымі парушэннямі дзеючага заканадаўства", — лічыць Уласавец.

Гальшанскі замак знаходзіцца ў Ашмянскім раёне (Гродзенская вобласць). Яўген Уласавец даследуе наваколлі замка з 2011 года, там знойдзеныя дзясяткі артэфактаў. Археолаг звяртаецца да неабыякавых людзей з просьбай паспрабаваць змяніць "катастрафічную сітуацыю ў сферы аховы нашай гістарычнай спадчыны". "Бо лёс гэтых парэшткаў невядомых жыхароў сярэднявечных Гальшан цалкам маглі падзяліць і магілы паўстанцаў 1863 года на чале з Каліноўскім, апыніся яны воляю лёсаў не на тэрыторыі Літвы, а ў Беларусі", — заключае Уласавец.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.