У Бялыніцкім раёне калгас з 40-мільярдным доўгам далучаюць да іншага

У Бялыніцкім раёне калгас з даўгамі ў 40 мільярдаў рублёў вырашыў далучыцца да іншай гаспадаркі, у выніку чаго яшчэ 5 гадоў зможа не разлічвацца па пазыках. Такое рашэнне было прынята на агульным сходзе членаў кааператыва “Лебядзянка”, які адбыўся 10 траўня. Пра праблемы ў калгасе шмат пісаў мясцовы актывіст Валерый Вусік. Яго нават у сакавіку 2013 года Бялыніцкі раённы суд аштрафаваў на 50 базавых за паклёп на старшыню калгаса Пятра Бялова і за распаўсюд незалежнай газеты “Магілёўскі Выбар”. Праз паўгода рашэнне суда было адмененае, а сітуацыя, пра якую пісаў Вусік, аказалася не паклёпам.

“Па-першае, бяздарнае кіраўніцтва. Былы старшыня гаспадаркі Бялоў ні за чым не глядзеў. Безгаспадарчасць прывяла да заняпаду. Галоўны аграном – п’яніца. Займалася прыпіскамі. У 2011 годзе ўраджайнасць была 11 цэнтнераў з гектара, а напісалі 29. Я казаў раней пра ўсё гэта, але замест таго, каб прыслухацца, на мяне завялі адміністрацыйную справу за паклёп. Праўда, апраўдалі потым”, — расказвае актывіст і лічыць, што прычына развалу калгасу звязана з карупцыяй, прыпіскамі і злоўжываннем службовым становішчам, пра што ён пісаў раней на старонках незалежнай газеты “Магілёўскі выбар”.

У адпаведнасці з існуючым заканадаўствам, калі адбудзецца аб’яднанне двух гаспадарак, то выплата даўгоў адтэрміноўваецца на пяць год, працягвае Вусік:

“Далучылі нас да іншай арганізацыі. Там жабрацтва і ў нас. Два жабрацтвы ў адным месцы. Чыноўнікі хочуць такім чынам як мага далей прадоўжыць агонію і адтэрмінаваць даўгі. Людзям распавялі, што іншага выйсця няма, таму яны і падтрымалі ідэю аб’яднання гаспадарак. Які будзе прыбытак, калі ў гаспадаркі ўсяго 400 кароў? Калі б было 1400, то размова была б іншая”.

Пасля агульнага сходу ў СВК “Лебядзянка” павінен адбыцца і агульны сход у “Бялыніцкім райаграпрамзабеспячэнні”. Пасля гэтага мусіць прайсці агульны сход працаўнікоў ужо двух гаспадарак. Калі большасць падтрымае ідэю аб’яднання, у чым ніхто не сумняваецца, то гаспадаркі юрыдычна аб’яднаюць.

Прычына такога рашэння заключаецца ў тым, што гаспадарка “Лебядзянка” працуе ў мінус і мае 40-мільярдныя даўгі.

Пасля артыкула Валерыя Вусіка ў газеце “Магілёўскі Выбар” у СВК “Лебедзянка” змянілася два старшыні праўлення, аднак выправіць сітуацыю ў гаспадарцы яны так і не здолелі.

Валеры Вусік лічыць, што калі б да яго своечасова прыслухаліся і правялі неабходныя праверкі ў адпаведнасці з законам, то, магчыма, СВК “Лебядзянку” яшчэ можна было б выратаваць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі