У букіністычнай краме знайшлі кнігу, якую Някляеў падарыў Севярынцу

Кнігу Уладзіміра Някляева “Кон” з даравальным подпісам аўтара знайшоў у краме “Вянок” крытык Ціхан Чарнякевіч. Запосціў фота ў сацсеткі. “Паўлу Севярынцу, у якім шчасліва сышліся талент і годнасць, на кон, на удачу. У. Някляеў, 1. ХІ. 2010”, — напісана на першай старонцы зборніка вершаў.

Сам Павел Севярынец расказвае Еўрарадыё, што ўжо ведае пра знаходку — фота з кнігай на пошту яму даслаў Уладзімір Някляеў. Сустаршыня БХД мяркуе, што да букіністаў кніга магла трапіць ад спецслужбаў — восенню 2010 года ён жыў на офісе БХД і ўсе свае рэчы трымаў там.

“У 2010 годзе была прэзідэнцкая кампанія. Падчас яе я жыў на офісе БХД. І ўсе мае кнігі знаходзіліся там. Пасля выбараў офіс знішчылі. Куды што трапіла — я не ведаю. Я сам паглядзеў фота кнігі і думаю, што, магчыма, гэта нехта з КДБ дробна падзарабляе”.

Восенню 2010 года офіс аргкамітэта па стварэнні БХД размяшчаецца побач з чыгуначным вакзалам. Адтуль за некалькі гадзін да разгону Плошчы сябры партыі выходзяць на дэманстрацыю. Каля гэтага ж офіса затрымліваюць Севярынца, які ў ноч з 19 на 20 снежня вяртаецца з Плошчы. На свабоду пасля гэтага ён выходзіць толькі праз тры гады.

Пра ператрусы ў ноч з 19 на 20 снежня 2010 года Еўрарадыё расказвае сябра БХД Дзяніс Садоўскі. Па яго словах, у тую ноч людзі ў цывільным прыязджалі двойчы. Першы раз з пасведчаннямі, панятымі і вопісам канфіскаванага — у першую чаргу аргтэхнікі. Другі раз — праз некалькі гадзін, ужо на досвітку. Па словах апазіцыянера, тады з арандаванай кватэры вынеслі амаль усё і без неабходных дакументаў.

“Вынеслі з офіса ўсё, што можна было вынесці. Прычым вопіс склалі толькі ў дачыненні прыкладна да 10% таго, што выносілі. Аргтэхніку фіксавалі — прынтары, камп’ютары. А рэшту выносілі без разбору — кружкі, крэслы, паперу. Усё, што можна было”.

Садоўскі расказвае, што большасць рэчаў з офіса БХД у тую ноч знікла назаўсёды — супрацоўнікі КДБ вярнулі толькі тое, што было ў вопісах ператрусаў. Але дакладна пацвердзіць, альбо абвергнуць наяўнасць сярод канфіскаванага кнігі Някляева, падпісанай Севярынцу, цяпер ужо цяжка.

Тым часам кніга ляжыць у букіністычнай краме. Набываю яе за 45 тысяч рублёў. Невялікая цана для такога скандальнага рарытэта. Супрацоўнікі крамы гавораць, што ляжыць гэты асобнік у іх даўно, і каб знайсці чалавека, які кнігу прынёс на продаж, трэба “падымаць бухгалтэрыю” і ўвогуле “мы не маем права вам расказваць”. Пабачыўшы аўтограф Някляева і словы да Севярынца, жанчыны робяць здзіўленыя твары.

Калі лічыць, што з кожнай здадзенай букіністам кнігі яе ўладальнік мае крыху больш за палову цаны, то, набыўшы асобнік Паўла Севярынца, я некага абагаціў прыкладна на 30 тысяч рублёў. Не так і шмат для такой дэтэктыўнай гісторыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі