У Брэсце зноў пратэставалі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода

1 красавіка ў Брэсце зноў прайшла акцыя супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Як паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на БелаПАН, на плошчу Леніна ў цэнтры горада выйшлі каля 100 чалавек, некаторыя з іх трымалі чорныя і жоўтыя паветраныя шарыкі з надпісам “Жыць”.

Такія акцыі адбываюцца ў Брэсце штонядзелі, пачынаючы ад 25 лютага. Удзельнікі нязгодныя з будаўніцтвам шкоднай вытворчасці ля горада.

Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы “Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне “Брэст”. Тут паўстане прадпрыемства “АйПаўэр”, падрадчыкам будаўніцтва выступае кітайская кампанія “Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэяў.

Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна сабралі 37 тысяч подпісаў супраць гэтага будаўніцтва, подпісы перадалі ў адміністрацыі прэзідэнта.