Вы тут

У Брэсце зноў “кармілі галубоў” — міліцыя назірала, але нікога не затрымлівала

b-g.by

У Брэсце не спыняюцца нядзельныя акцыі праціўнікаў акумулятарнага завода. Хоць абласныя ўлады вырашылі прыпыніць будаўніцтва прадпрыемства “Ай-Паўэр”, актывісты і неабыякавыя грамадзяне ўсё адно працягваюць свае маўклівыя пратэсты.

Сёння на плошчу імя Леніна прыйшло па розных падліках ад 150 да 200 чалавек, паведамляе “Брестская газета”. Сярод тэмаў, якія абмяркоўваліся падчас “кармлення галубоў”, —  экалагічная экспертыза праекта завода, ужо трэцяя, якая мусіць завяршыцца на наступным тыдні. Прысутныя заявілі, што нягледзячы на вынікі гэтай экспертызы, яны будуць выходзіць на плошчу, пісаць звароты і кругласуткава дзяжурыць каля завода, пакуль яго не зачыняць.

Міліцыя назірала за людзьмі, але нікога не затрымлівала.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ля Брэста пачалося прыканцы 2017 года. Яго  планавалі запусціць у жніўні 2018 года, але тэрміны ўвесь час пераносіліся. Адначасова з будаўніцтвам “Ай-Пауэр” распачалася кампанія супраць яго запуску. Пратэсты адбываюцца ўжо амаль паўтара года. За гэты час многіх удзельнікаў затрымлівалі, прысуджалі ім штрафы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.