У Брэсце забаранілі дзіцячы спектакль незалежнага тэатра

Спектакль-парад "Малефіцыум" быў у праграме фестывалю асаблівых тэатраў "Непратаптаны шлях". У штогадовым мерапрыемстве прымаюць удзел дзеці з псіха-фізічнымі разладамі. Калектыў "Крылаў халопа" збіраўся правесці майстар-класы для гэтых дзетак, а пасля прайсціся з імі па цэнтральных вуліцах горада.



За некалькі дзён да выступу стала вядома, што арганізатары фэсту — грамадскае аб’яднанне “Інвалід і асяроддзе” — адмовіліся ад спектакля. Са словаў акторкі незалежнага тэатру Аксаны Гайко, забарона ідзе ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага гарвыканкаму.



Гайко: "У іх цяпер такая тактыка, што нібыта ўсё добра, прамых забарон няма. Але ў той жа час яны прымусілі гэтых няшчасных арганізатараў, якія так хацелі нашага ўдзелу, забраць запыт. Разумееце, арганізатары самі баяцца, што іх фестываль таксама трапіць пад нейкую раздачу".



Дарэчы, спектакль "Малефіцыум" неаднаразова паказвалі ў Брэсце. У 2007-м годзе ён нават адкрываў міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа".



Нагадаем, што выступы незалежнага тэатра "Крылы халопа" не першы раз забараняюць ў родным горадзе. Сёлета на пачатку сакавіка нібыта з-за рамонту ў Цэнтры культуры і адпачынку адмянілі іх спектакль пра Чарнобыль.



Фота — teatrkh.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі