Вы тут

У Брэсце #ямыбацька ударыў у твар доктара хуткай дапамогі

Прыхільнік Лукашэнкі б'е доктара ў твар

У Брэсце мужчына сталага веку ўдарыў медыка па твары за тое, што той супраць Лукашэнкі. Гэта адбылося проста ў калідоры лякарні. Іншыя дактары, якія былі на месцы здарэння, знялі ўсё на відэа.

У #ямыбацькі праз слова — брудная лаянка: "Ты ж учора, б..., быў супраць Лукашэнкі. А ты сёння доктар?" — абураецца ён, а потым б'е медыка па твары так, што ў таго злятаюць на падлогу акуляры. Тут жа з'яўляецца міліцыянт, але замест таго, каб затрымаць мужчыну, які здзейсніў хуліганскі ўчынак, проста яго адводзіць убок са словамі "Усё, усё!".

Пра мужчыну, які ўдарыў лекара, вядома, што ён адстаўны вайсковец, працаваў ахоўнікам, а потым стаў кіроўцам аўтобуса. А з яго слоў робіцца зразумела, што ён падтрымлівае Лукашэнку.

Улетку ў Мінску адбыўся люстэркава супрацьлеглы выпадак: у адным з паркаў быў збіты прыхільнік Лукашэнкі. Дзеянні мужчыны, які яго збіў, былі прызнаныя крымінальным злачынствам. На падставе часткі 1 артыкула 339 "Хуліганства" ён быў пакараны трыма гадамі калоніі агульнага рэжыму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.