У беларускіх аптэках не будзе папулярных таблетак ад язвы страўніка

У беларускіх аптэках не будзе папулярных таблетак ад язвы страўніка

Беларускія аптэкі застануцца без прэпаратаў для лячэння язвы страўніка, якія змяшчаюць ранітыдзін. Паведамленне пра гэта з'явілася на сайце Рэспубліканскага цэнтра экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя.

Выявілася, што раней праверку прэпаратаў з утрыманнем ранітыдзіну ініцыявала Еўрапейскае медыцынскае агенцтва і Упраўленне па кантролі прадуктаў харчавання і лекавых сродкаў ЗША (FDA). Яны цікавіліся, ці ёсць у гэтых леках канцэрагенныя дамешкі, бо там у невялікіх колькасцях выявілі N-нітразадзіметыламін. Гэтае рэчыва класіфікуюць як "злучэнне з верагоднымі канцэрагеннымі ўласцівасцямі". 

Сам ранітыдзін прыглушае сакрэцыю салянай кіслаты і ўжываецца для лячэння і прафілактыкі язвавай хваробы страўніка, дванаццаціперснай кішкі і гэтак далей.

З беларускага рынку добраахвотна адклікаюць прэпараты "Ранітыдзін-Акас" і "Ранігаст". Іх вырабляюць Курганскае таварыства медпрэпаратаў і вырабаў "Сінтэз" (Расія) і Pharmaceutical Works POLPHARMA S.A. (Польшча). 

Іншых пастаўшчыкоў лекаў з утрыманнем ранітыдзіну ў Беларусі няма. Спецыялісты рэкамендуюць выкарыстоўваць альтэрнатыўную тэрапію — "фамытыдзін або прэпараты групы інгібітараў пратоннай помпы". Пацыентам, якім прызначалі лекі з ранітыдзінам, рэкамендуюць звярнуцца да лекара для прызначэння альтэрнатыўнага лекавання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі