У Беларусі запускаецца футбольная ліга для дзяўчат

У Беларусі запускаецца футбольная ліга для дзяўчат

У Беларусі стартуе футбольная ліга для дзяўчат, узрост якіх не перавышае 13 год. Праект запускае Беларуская федэрацыя футбола пры тэхнічнай і фінансавай падтрымцы FIFA, інфармуе на сваёй старонцы ў Facebook прэс-служба АБФФ.

Вядома, што ў сваім першым сезоне ў "Футбольнай лізе дзяўчат" будзе 60 каманд з усёй краіны. Яны прадстаўляюць не толькі спартыўныя школы, установы, але і звычайныя школы. Па тэрытарыяльным прынцыпе створана восем зон. У красавіку-траўні каманды з’язджаюцца ў адно месца і гуляюць між сабой па двухкругавой сістэме. Пераможцы такіх рэгіянальных зон выступяць у рэспубліканскім этапе ў Мінску ў пачатку чэрвеня. Пераможцу вызначаць у матчах па алімпійскай сістэме.

Цікава, што "Футбольная ліга дзяўчат" будзе адукацыйна-арыентаванай. Кожны дывізіён названы ў гонар выбітнай беларускі — Уршулі Радзівіл, Саламеі Пільштыновай і г. д. Ліга атрымае хэштэг #WOOOOW — слоган, які "не толькі тлумачыць матывацыю дзеянняў, але і яднае ўсе дывізіёны, адлюстроўвае асноўную эмоцыю ад гульні". За кожнай тэрытарыяльнай зонай замацуюць спартыўную апякунку — футбалістку нацыянальнай зборнай, якая будзе падтрымліваць дзяўчынак, запісваць відэазвароты, нагадваць ім, што "самае першаснае ў футболе — атрыманне асалоды".

Прэзентацыя праекта адбудзецца 2 красавіка на тэрыторыі культурнай прасторы Ok16 (Мінск, вуліца Кастрычніцкая, 16). Пачатак а 14-й гадзіне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі