Вы тут

У Беларусі заканчваецца інспекцыя Рассельгаснагляду

Фота: Fotolia / branex

У Беларусі 12 траўня заканчваецца інспекцыя Рассельгаснагляду, якая правярае перапрацоўчыя прадпрыемствы. Пакуль што расійскія спецыялісты не выказалі "глабальных заўваг" — толькі нязначныя. Пра гэта заявіў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання — дырэктар дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Аляксандр Субоцін, паведамляе ria.ru.

Першыя вынікі расійскай праверкі бакі могуць абмеркаваць ужо ў панядзелак.

Раней Рассельгаснагляд абмежаваў пастаўку жывёлагадоўчай прадукцыі з шэрагу беларускіх прадпрыемстваў у Расію. Пасля адной з інспекцыяў санкцыі з двух прадпрыемстваў былі знятыя. Цяпер расійскія спецыялісты правяралі як абмежаваныя ў пастаўках у Расію прадпрыемствы, так і тыя, што пастаўляюць сваю прадукцыю ў Расію — агулам 13 вытворчасцяў. У Мінску спадзяюцца, што пасля інспекцыяў Рассельгаснагляд здыме і астатнія абмежаванні.

Па словах Субоціна, перамовы ў панядзелак пройдуць у Міністэрстве сельскай гаспадаркі Расіі. "Гэта працоўная сустрэча. Мы будзем гаварыць і па вялікай справаздачы па выніках першай інспекцыі, і па другой інспекцыі... Мы абмяркуем не толькі вынікі інспекцыі Рассельгаснагляду, але і іншыя пытанні — напрыклад, балансы, пытанні далейшага супрацоўніцтва",— патлумачыў беларускі чыноўнік.