У Беларусі спынілі "маштабную злачынную дзейнасць" сеткі рэстаранаў і кавярняў

Знаходка кантралёраў / t.me/kgk_oficial

Камітэт дзяржкантроля Беларусі паведамляе пра спыненне "маштабнай злачыннай дзейнасці службовых асоб і ўладальнікаў сеткі рэстаранаў і кавярняў". Па фактах ухілення ад выплаты падаткаў распачата крымінальная справа. Кантралёры выявілі факты "штучнага драбнення бізнесу, утойвання выручкі, выплаты заробку "у канвертах" практычна ўсяму персаналу".

У згаданую сетку ўваходзіла больш за 40 аб'ектаў па ўсёй краіне. Яе ўласнікі і службовыя асобы зарэгістравалі не менш за 12 падкантрольных арганізацый і ІП "з аналагічных відам дзейнасці" (у сферы абслугоўвання харчавання і дастаўкі гарачай ежы), якія выкарыстоўвалі спрошчаную сістэму падаткаабкладання. У выніку выручку штучна паміж імі размяркоўвалі. Да таго ж сцвярджаецца, што больш за палову яе ўтойвалі. Грошы прывозіліся ў "адзіны цэнтр", пасля чаго размяркоўваліся паміж удзельнікамі схемы. Вядома пра больш за 13 млн рублёў. Памер нясплачаных падаткаў склаў больш за 4 млн рублёў.

Па версіі КДК, практычна ўвесь персанал сеткі — больш 210 чалавек (кухары, кур'еры, адміністратары і г. д.) атрымлівалі заробак у канвертах — ад 600 да 1500 рублёў на месяц.

Кантралёры знайшлі і грошы, і запісы па іх уліку. Затрыманыя 7 чалавек, двух з іх пакінулі пад вартай.

t.me/kgk_oficial

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.