У Беларусі павялічваецца спіс прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта

У Беларусі павялічваецца спіс прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. 13 ліпеня пра свае прэзідэнцкія амбіцыі аб'явілі яшчэ два чалавекі — 65-гадовы эканаміст Віктар Цярэшчанка і 39-гадовы Юрый Радзькоў, дырэктар кампаніі "Цар-мёд", паведамляе БелаПАН.

Нагадаем, Віктар Цярэшчанка збіраецца балатавацца на пасаду прэзідэнта ўжо чацвёрты раз. Ён браў удзел у прэзідэнцкіх кампаніях 1994-га, 2001-га і 2010 гадоў. Але толькі адзін раз — у 2010-м — Цярэшчанка быў зарэгістраваны кандыдатам. Паводле звестак ЦВК, за яго прагаласавалі 1,19% выбарцаў. Віктар Цярэшчанка збіраецца абнавіць праграму толькі на 30%. Дарэчы, раней ён казаў, што не збіраецца балатавацца, але літаральна днямі перадумаў, нібыта, "з-за цяперашняга стану беларускай эканомікі".

Юрый Радзькоў кажа, што рашэнне прэтэндаваць на пасаду прэзідэнта прыняў даўно. Ён заклапочаны станам беларускай нацыі. "Звыш мільёна знаходзяцца ў алкагольнай залежнасці, гэта вельмі сур'ёзная праблема", — сказаў Радзькоў. У бліжэйшы час ён абяцае правесці ў Мінску прэс-канферэнцыю.

Раней пра свой намер балатавацца заявілі: актывістка грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" Таццяна Караткевіч, якая плануе вылучацца ад кааліцыі "Народны рэферэндум", лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, старшыня Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін і беспрацоўны Юрый Шульган. Апрача таго, прадстаўнікі шэрагу апазіцыйных структур стварылі адзіны аргкамітэт па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты палітвязня Мікалая Статкевіча.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 11 кастрычніка.


Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі